Беларуская Служба

Нарвегія і Аўстралія  падтрымаюць Польшчу ў абароне ўсходняга флангу НАТА 

26.06.2025 15:11
Аператыўны камандуючы Узброенымі сіламі Польшчы генерал Мацей Кліш ацаніў гэтую падтрымку  як значную.
         F-35
У бліжэйшы час у Польшчу прыбудуць самалёты пятага пакалення F-35 з НарвегііClaire Hartley/Bav Media/Shutter

У рамках умацавання абарончых здольнасцяў усходняга флангу НАТА Нарвегія і Аўстралія чарговы раз накіруюць у Польшчу сваю авіяцыйную падтрымку. У бліжэйшы час на тэрыторыю краіны прыбудуць самалёты пятага пакалення F-35 з Нарвегіі, а таксама самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання AWACS з Аўстраліі.

Такое рашэнне было прынята падчас саміту НАТА ў Гаазе. Аператыўны камандуючы Узброенымі сіламі Польшчы генерал Мацей Кліш ацаніў гэтую падтрымку  як значную:

— Я вельмі цешуся з навіны пра накіраванне F-35. Гэта самалёты, якія не толькі змяняюць поле бою, але і ўзровень сітуацыйнай дасведчанасці. Аўстралійскі самалёт, які ўжо падтрымліваў НАТА, цяпер будзе дзейнічаць з тэрыторыі Польшчы. Мая размова з аператыўным камандуючым УС Аўстраліі пацвердзіла: мы сутыкаемся з аднолькавымі выклікамі. Гэта сведчыць аб тым, што ўсходні фланг становіцца ўсё больш прыкметным.

Генерал Кліш таксама вітаў рашэнне ўрада Германіі працягнуць місію Бундэсвера ў Польшчы. Нямецкія зенітна-ракетныя комплексы Patriot упершыню з’явіліся ў Польшчы на пачатку 2023 года. 

Каля 320 нямецкіх жаўнераў абслугоўвалі тры батарэі Patriot каля Замосця, побач з украінскай мяжой. Гэта была рэакцыя на інцыдэнт у лістападзе 2022 года, калі ўкраінская супрацьпаветраная ракета  ўпала з польскага боку мяжы, тады загінулі дзве асобы.